Астравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья
Астравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья (англ.: Saint Helena, Ascension and Tristan da Cunha) — заморская тэрыторыя Вялікабрытаніі ў паўднёвай частцы Атлантычнага акіяна. Агульная плошча сушы — 420 км². Плошча разам з тэрытарыяльнымі водамі — 1641294 км². Насельніцтва — 5661 чал. Адміністрацыйны цэнтр — Джэймстаўн на востраве Святой Алены.
| |||||
Дэвіз: «Loyal and Unshakeable» | |||||
Гімн: «God Save the King» | |||||
Афіцыйныя мовы | англійская | ||||
Сталіца | Джэймстаўн | ||||
Форма кіравання | Канстытуцыйныя манархія | ||||
Кароль | Карл III | ||||
Плошча • Усяго |
420 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2008) • Шчыльнасць |
5661 чал. 13,4 чал./км² | ||||
Валюта | фунт Святой Алены | ||||
Інтэрнэт-дамены | .sh і .ac | ||||
Код ISO (Alpha-2) | SH | ||||
Код ISO (Alpha-3) | SHN | ||||
Тэлефонны код | +290 i +247 | ||||
Часавыя паясы | (UTC+0) |
Геаграфія
правіцьЗаморская тэрыторыя складаецца з трох астраўных частак — востраў Святой Алены, востраў Узнясення і астравы Трыстан-да-Кунья. У яе склад таксама ўваходзіць востраў Гоф. Усе астравы маюць вулканічнае паходжанне. Аднак яны вельмі аддалены адзін ад іншага, таму прырода і клімат на іх значна адрозніваюцца.
Гісторыя
правіцьАстравы былі адкрыты партугальскімі мараплаўцамі ў 1502—1506 гг., аднак спробы каланізацыі імі прадпрымаліся толькі ў дачыненні да вострава Святой Алены. Ужо ў XVI — першай трэці XVII ст. астравы наведваліся англійскімі і галандскімі піратамі.
У 1633 г. Нідэрланды фармальна абвясцілі аб далучэнні вострава Св. Алены да сваіх уладанняў, але да 1651 г. фактычна закінулі яго на карысць Капскай калоніі. У 1657 г. Олівер Кромвель падпісаў прывілей на кіраванне Святой Аленай Англійскай Ост-Індскай кампаніі. У 1660 г. гэтае права было пацверджана каралеўскімі ўладамі. Англійскае паселішча на востраве ўзнікла ў 1659 г. У 1834 г. у сувязі з рэарганізацыяй Ост-Індскай кампаніі востраў перайшоў пад уладу дзяржавы.
22 кастрычніка 1815 г., калі на Святую Алену быў высланы Напалеон I Банапарт, брытанцы таксама стварылі ваеннае ўмацаванне на востраве Узнясення. 14 жніўня 1816 г. Вялікабрытанія анексіравала астравы Трыстан-да-Кунья.
Востраў Узнясення быў фармальна далучаны да Святой Алены ў 1922 г., Трыстан-да-Кунья — толькі ў 1938 г. Да 1 верасня 2009 г. краіна мела афіцыйную назву «Востраў Святой Алены і залежныя тэрыторыі» (англ.: Saint Helena and Dependencies). Аднак новая Канстытуцыя замацавала роўны статус усіх астраўных частак.
Кіраванне
правіцьЗгодна з канстытуцыяй, прынятай 1 верасня 2009 г., на чале заморскай тэрыторыі стаіць кароль Вялікабрытаніі (зараз Карл III). Краіна падзелена на тры роўныя ў правах астраўныя часткі — востраў Святой Алены, востраў Узнясення і астравы Трыстан-да-Кунья. Да апошніх таксама належыць бязлюдны востраў Гоф. Канстытуцыя складаецца з трох раздзелаў. Кожны з іх прысвечаны асобнай частцы тэрыторыі.
Губернатар Святой Алены з’яўляецца прадстаўніком манархіі ва ўсіх трох частках, а таксама ўзначальвае тэрытарыяльную выканаўчую ўладу. З 2011 г. яго пасаду займае Марк Эндру Кейпс. Губернатар прызначае сваіх прадстаўнікоў — адміністратараў на астравы Узнясення і Трыстан-да-Кунья.
Судовая ўлада падпарадкоўваецца генеральнаму пракурору, рэзідэнцыя якога таксама знаходзіцца на востраве Святой Алены.
Заканадаўчая ўлада належыць Заканадаўчаму Савету Святой Алены, Савету Узнясення і Савету Трыстан-да-Кунья.
Палітычных партый і арганізацый няма.
Эканоміка
правіцьГалоўныя галіны эканомікі — абслугоўванне трансатлантычных камунікацый, марскіх суднаў, ваеннай базы на востраве Узнясення. Камерцыйная сельская гаспадарка і саматужная прамысловасць маюцца толькі на востраве Святой Алены, адкуль экспартуецца лён. На Трыстан-да-Кунья важнае значэнне мае лоў рыбы і лангустаў. Каля 70 % дзяржаўнага бюджэту складаюць датацыі з Вялікабрытаніі. Улады імкнуцца развіваць турызм. Грамадзяне Беларусі, якія накіроўваюцца на Астравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья з турыстычнымі мэтамі, маюць права безвізавага знаходжання да 90 дзён[1].
З 1976 г. на астравах карыстаюцца ўласнай валютай — фунтам Святой Алены. Адзіны банк — Банк Святой Алены. Ён мае аддзяленні на астравах Святой Алены і Узнясення. Жыхары Трыстан-да-Кунья таксама могуць карыстацца яго паслугамі.
Галоўныя эканамічныя партнёры — Вялікабрытанія і ПАР.