Гісторыя Арменіі
Гісторыя Арменіі |
---|
Гісторыя Арменіі — гісторыя Арменіі як дзяржавы і гісторыка-геаграфічнага рэгіёна з дагістарычнай эпохі да нашых дзён. Гісторыя армянскага народа бярэ пачатак сама меней з VI стагоддзя да н.э. і налічвае больш за 2500 гадоў. Працэс жа фармавання армянскага народа пачаўся яшчэ з XIII стагоддзя да н.э.
Старажытная гісторыя
Дагістарычная эпоха
На поўначы Арменіі (Ларыйскае плато) было выяўлена больш за 20 рознаўзроставых познаашольскіх помнікаў (0,6 млн гадоў), размешчаных, галоўным чынам, у перадгор'ях вулканічнага Джавахецкага хрыбта, найболей падобных з матэрыяламі месцазнаходжанняў даліны ракі Раздан (Джрабер, Фантан, Кендарасы)[1]. Сярод іх пераважаюць паверхневыя месцазнаходжанні (Благадарнае, Даштадэм 3, Нарамут др.), на якіх сабрана звыш тысячы ашольскіх вырабаў з мясцовага гіяладацыта, уключаючы каля 360 ручных рубіл. Выяўлены тры стратыфікаваныя помнікі (Мурадава, Карахач і Куртан I) са знаходкамі ўзростам да 1,8 млн гадоў.
Сляды пасялення старажытнага чалавека былі выяўлены ў розных раёнах Армянскага нагор'я: у Арзні, Нурнусе і іншых месцах былі выяўлены стаянкі з каменнымі прыладамі, а ў Разданскай цясніне, Лусакерце і інш. былі знойдзены пячоры-жытлы (Лусакерт I, Ерэван I[2]). Дадзеныя археалагічных раскопак пацвярджаюць, што жыхары Армянскага нагор'я яшчэ ў глыбокай старажытнасці авалодалі многімі рамёствамі. Так, вядома, што ўжо ў V—IV тысячагоддзі да н.э. яны ўмелі плавіць медзь, а ў II тысячагоддзі да н.э. — жалеза[3]. На тэрыторыі сучаснага Ерэвана ў раёне Шэнгавіта ў было выяўлена селішча пачатку бронзавага веку, што датуецца V—III тысячагоддзямі да нашай эры[4][5].
На тэрыторыі Рэспублікі Арменія былі выяўлены рэшткі шматлікіх каменных збудаванняў: дольменаў, менгіраў, кромлехаў і сцены цыклапічных збудаванняў. Вялікая колькасць мегалітычных збудаванняў было выяўлена каля гары Арагац, у далінах вакол сучасных гарадоў Ошакан, Парпі, Агтц і Сісіян. Найболей добра захаваліся сакральныя і цыклапічныя збудаванні і крэпасці каля Каша і Агаўнатуна. Вялікую цікавасць уяўляюць рэшткі неалітычнага земляробскага селішча на прытоку ракі Аракс, а таксама мегалітычны комплекс Зорац Карэр (арм.: Զորաց Քարեր), вядомы таксама як Караўндж (арм.: Քարահունջ)[6]. У час археалагічных раскопак былі выяўлены помнікі матэрыяльнай культуры: кавалачак тэкстылю XV—XVI стст. да н.э. (Арцік); ідэальнай формы сярэбраная сякерка XXII—XXI стст. да н.э. (Карашамб); вытанчаныя бронзавыя скульптуры XV—XIV стст. да н.э. (Лоры-Берд); залатая чара з выявамі львоў III тыс. да н.э. (Ванадзор) і інш..
Дзяржава Хаяса (XVI—XIII стст. да н.э.)
Хаяса — дзяржава, што згадваецца ў хецкіх клінапісных тэкстах у перыяд з XVI па XIII стст. да н.э. Хаяса знаходзілася на тэрыторыі Заходняй Арменіі. На працягу гэтага перыяду Хаяса часам заключала з Хецкім царствам мір і выплачвала хетам даніну, часам уступала з ім у ваенныя канфлікты і наносіла хетам знішчальныя паражэнні. Сталіцай Хаясы быў горад Кумаха, які адпавядае пазнейшаму армянскаму Кемаху, што знаходзіўся ў вярхоўях рэкі Еўфрат, каля сучаснага горада Эрзінджан[7].
Фарміраванне армянскага народа (XIII стагоддзе да н.э. — VI стагоддзе да н.э.)
Па найбольш пашыранай у навуцы тэорыі, армяне сфарміраваліся паміж XIII стагоддзем да н.э. і VI стагоддзем да н.э. на тэрыторыі Армянскага нагор'я. Носьбіты протаармянскай мовы, брыгі (фрыгійцы ці мушкі), яшчэ да ўтварэння дзяржавы Урарту мігравалі у XIII стагоддзі да н.э. з Балкан на Армянскае нагор’е і аселі ў вобласці, вядомай як Мелітэна. Протаармянскае насельніцтва, што знаходзілася ў меншасці, растварыліся ва ўратах, хурытах і лувійцах, захаваўшы пры гэтым аснову сваёй мовы і ўспрыняўшы вялікі пласт запазычанняў з іншых моў.
Урарту
У 860 годзе да. н.э. на Армянскім нагор’і узнікла старажытнае царства Урарту (або Ван) з цэнтрам у горадзе Тушпа на беразе возера Ван. Мяркуецца, што частка яго насельніцтва размаўляла на протаармянскай мове, ва ўсялякім разе ўсе наступныя армянскія дзяржавы ўспадкавалі землі Урарту, што дае сучасным армянам падставу лічыць гэтую дзяржаву сваёй старажытнай бацькаўшчынай.
Армянская сатрапія
У пачатку VI ст да н.э. Урарту было зваявана скіфамі ды мідыйцамі і забыта нават гісторыкамі. Землі Арменіі сталі часткай Армянскай сатрапіі ў складзе Мідыі, а пасля — Персіі, дзяржавы Селеўкідаў.
Армянскае царства
У 190 г.да н.э. узнікла незалежнае Армянскае царства (ці Вялікая Арменія), што дасягнула найбольшага росквіту пры Тыгране Вялікім (95—66 да н.э.). Затым рымскія і парфянскія заваёвы зменшылі тэрыторыю царства і яно трапіла ў незайздроснае становішча паміж жорнамі суперніцтва дзвюх вялікіх дзяржаў. Армянскі набілітэт быў вымушаны дзяліцца на прарымскі і прапарфянскі.
У 301 годзе пры Тырыдаце III Арменія прыняла хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі, што спрыяла далейшаму ўцягванню яе ва ўсходнерымскі культурны свет і адыходу ад Ірана, з якім яна была цесна звязана пачынаючы з VI ст. да н.э. Аднак нягледзячы на афіцыйнае прызнанне, працэс хрысціянізацыі працягваўся яшчэ доўга — цягам усяго IV і часткова V ст. Пасля падзення ў 428 годзе Армянскага царства, большая частка Арменіі была ўключана як марзбанства (марзпанат) у іранскую імперыю Сасанідаў. Пасля армянскага паўстання 451 года хрысціянская Арменія захавала сваю рэлігійную свабоду, а край атрымаў аўтаномію.
Сярэднія вякі
Пасля марзбанскага перыяду (428—636) Арменія была заваявана арабамі і быў утвораны Армянскі эмірат — аўтаномнае княства Арабскага халіфата, да якога былі далучаны таксама армянскія землі захопленыя раней Усходнерымскай імперыяй (Візантыяй). Сталіца княства, у якое таксама ўваходзілі некаторыя раёны Грузіі і Каўказскай Албаніі (Азербайджана) была ў армянскім горадзе Двін. Эмірат існаваў да 884 года, калі была адноўлена незалежнасць ад аслабелага Халіфата.
Новапаўсталым Армянскім царствам кіравала дынастыя Багратуні да 1045 года. З часам некаторыя раёны Багратунскай (Багратыдскай) Арменіі аддзяліліся, сталі незалежнымі каралеўствамі і княствамі, як Каралеўства Васпуракана, кіраванае дынастыяй Арцруні, якая, праўда, адначасова прызнавала вяршэнства Багратуні.
У 1045 годзе Візантыйская імперыя заваявала Багратыдскую Арменію. Неўзабаве пад візантыйскай уладай апынуліся і іншыя армянскія землі. Візантыйскае панаванне працягнулася нядоўга, бо ўжо ў 1071 годзе туркі-сельджукі перамаглі візантыйцаў і занялі Арменію ў бітве пры Манзікерце, стварыўшы Сельджукскую імперыю. Каб пазбегнуць смерці ці няволі ад тых, хто забіў яго родзіча Гагік II, кароль Ані разам з некаторымі суродзічамі сыйшоў у цясніны Таўрскіх гор, а пасля ў Тарсус у рэгіёне Кілікія. Там ім даў прытулак візантыйскі губернатар, і там было пазней заснаванае армянскае Кілікійскае царства.
Сельджукская імперыя пачала распадацца. У пачатку 14 стагоддзя армянскія князі дынастыі Закарыдаў стварылі напаўнезалежнае армянскае княства ў Паўночнай і Усходняй Арменіі, вядомае як Закарыдская Арменія.
Новы час
У XVI-XIX стагоддзях спрадвечныя армянскія тэрыторыі — Усходняя і Заходняя Арменія — папераменна пераходзілі пад уладу варагуючых Асманскай і Персідскай імперый. Да сярэдзіны XIX стагоддзя Усходняя Арменія была заваяваная Расійскай імперыяй, а большая частка Заходняй Арменіі заставалася пад асманскім панаваннем, сёння гэта частка Турцыі. У канцы ХІХ стагоддзя і ў Першую сусветную вайну армяне ў Асманскай імперыі сістэматычна вынішчаліся.
Найноўшы час
Пасля амаль 600 гадоў бездзяржаўнасці ў 1918 годзе Арменія атрымала незалежнасць, аднак у 1920 стала савецкай. У 1922—1991 Арменія ўваходзіла ў склад СССР. У 1922–1936 Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Арменія ўваходзіла ў склад Закаўказскай СФСР са сталіцай у Тыфлісе разам з Грузіяй і Азербайджанам. Пачынаючы з 1936 Арменія з'яўлялася непасрэднай часткай СССР як Армянская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. 1988 стаў для краіны годам выпрааванняў. У пачатку 1988 застарэлы армяна-азербайджанскі нацыянальны канфлікт, галоўным нервам якога быў Нагорны Карабах — раён кампактнага пражывання армян у азербайджанскай ССР, — выліўся ў гвалтоўныя вулічныя сутыкненні і пагромы. У снежні 1988 адбылося Спітакскае землетрасенне, якое забрала сама меней 25 000 жыццяў і моцна адбілася на эканоміцы краіны.
Незалежная Арменія
23 жніўня 1990 года Вярхоўны Савет Армянскай ССР прыняў дэкларацыю аб Незалежнасці Арменіі. У 1993-1994 адбылася Карабахская вайна з Азербайджанам, вынікам якой стала перамога Арменіі — была адстояна фактычная незалежнасць Нагорнага Карабаха. З таго часу адносіны Арменіі з Азербайджанам і саюзнай яму Турцыяй застаюцца варожымі. У красавіку 2018 пры пераходзе Арменіі да парламенцкай рэспублікі адбылася спроба экс-прэзідэнта Сержа Саргсяна працягнуць сваё палітычнае жыццё за дзяржаўным стырном, што выклікала грамадскія пратэсты — Армянскую рэвалюцыю, якая не дазволіла зганьбаваць дэмакратыю.
Гл. таксама
Крыніцы
- ↑ Любин В. П., Беляева Е. В. Традиции и трансфор мации в раннем палеолите Кавказа и Ближнего Востока // Традиции и инновации в истории и культуре, 2015 Архівавана 21 лістапада 2015.
- ↑ Памятники мустьерской эпохи и остатки неандертальцев на территории СССР
- ↑ История Армении (руск.). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 24 жніўня 2016.[ ]
- ↑ Shengavit Shengavit a Kura Araxes Culture Site in Yerevan on the Ararat hills, Republic of Armenia (англ.)(недаступная спасылка). — In those trenches he (Hakop Simonyan) isolated four distinct strata, the earliest from the late fifth millennium and the latest from the early to mid-third millennium BC.. Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2008. Праверана 24 жніўня 2016.
- ↑ Земледельцы Северного Кавказа и Закавказья (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 24 жніўня 2016.
- ↑ «Караундж-Стоунхендж Армении» (Carahunge-Armenia's Stonehenge)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 лістапада 2009. Праверана 24 жніўня 2016.
- ↑ Ишханян Р. А. Иллюстрированная история Армении. Ереван, 1989 (арм.)
- ↑ University of Oxford. Classical Armenian Studies Архівавана 18 студзеня 2011.
- ↑ Livius. Articles on Ancient History Архівавана 14 мая 2011.
Літаратура
- Адонц Н. Г. Армения в эпоху Юстиниана. — 2 изд. — Ереван: Изд-во Ереванского Университета, 1971. — 526 с.
- Абаза В. А. История Армении. — СПб.: Тип. Н.И. Скороходова, 1888. — 134 с.
- ИСТОРИЯ АРМЕНИИ/ Краткий очерк — 2009, Издательство: ООО «Эдит Принт»
- Robert H. Hewsen. Armenia: A Historical Atlas. — University of Chicago Press, 2001.
- Bayarsaikhan Dashdondog. The Mongols and the Armenians (1220-1335). — BRILL, 2010.
- Nira Stone, Michael E. Stone. The Armenians: Art, Culture and Religion. — Chester Beatty Library, 2007.
Спасылкі
- «Армянское нагорье. 12 тысяч лет назад» Архівавана 7 ліпеня 2015. — документальный фильм из цикла «По следам тайны» (РТР Культура).