Перайсці да зместу

Макартызм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Макартызм або макарцізм[1] (англ. — McCarthyism) — гэта кампанія па барацьбе з камуністычным уплывам, якая праводзілася ў ЗША ў 1947—1957 гг. Слоўнік «Мульцітран» вызначае гэты перыяд, як антыкамуністычную кампанію ў ЗША 1940-х гг [1]. А Слоўнік WordWeb (англ.) пашырае дэфініцыю гэтай з’явы, як «беспадстаўнае абвінівачванне людзей у нелаяльнасці (праз сцвярджэнне, што яны камуністы)[2]». Назва гэтай кампаніі паходзіць ад імя яе галоўнага ініцыятара першай паловы 1950-х гг. сенатара — Дж. Макарці. Аднак некаторыя гісторыкі абвінавачваюць у большай ступені не ўласна Камісію па расследаванню антыамерыканскай дзейнасці і Макарці, а ФБР і яго шэфа Э. Гувера, якія актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе з камуністамі ЗША. Так гісторык Элен Шрэкер у сваёй кнізе «Many Are the Crimes: McCarthyism in America» (Злачынстваў шмат: Макарцізм ў Амерыцы) пісала "Калі б людзі, якія назіралі за тым, што адбывалася ў 1950-х гг., ведалі тое, што яны даведаліся ў 1970-х гг., пасля прыняцця Закона аб свабодзе інфармацыі (Freedom of Information Act), дзякуючы чаму дакументы Федэральнага бюро былі адкрыты, «Макарцізм» напэўна б назвалі «гуверызмам»[3]. Ёсць тэндэнцыя лічыць гэты перыяд другой хваляй «Чырвонай пагрозы» па прычыне яе аналогіі з пошукам анархістаў у 1919-20 гг., які таксама суправаджаўся арыштам людзей, віна якіх не была даказана. Таму часам макарцізм называюць «Другой чырвонай пагрозай». Уласна тэрмін «макарцізм» з’явіўся дзякуючы карыкатуры Герберта Блока, апублікаванай ў газеце "Вашынгтон пост" 29 сакавіка 1950 г.

Як і Халакост, а таксама рэпрэсіі ў СССР 1930-50-х гг. макарцізм атрымаў розныя ацэнкі ў вачах шырокай публікі і прафесіянальных гісторыкаў, але большасць спецыялістаў па гісторыі і неспецыялістаў лічаць антыкамуністычную кампанію Макарці па барацьбе з камуністычным уплывам парушэннем правоў амерыканскіх грамадзян. Гэта парушэнне ў асноўным заключалася ў тым, што чалавека маглі пазбавіць работы і, у асобных выпадках, свабоды не толькі за камуністычныя погляды ці членства ў КПЗША (што не было злачынствам з пункту гледжання законаў і Канстытуцыі ЗША[4]), а і проста за адмову даваць паказанні Камісіі па расследаванню антыамерыканскай дзейнасці (на што кожны грамадзянін ЗША меў канстытуцыйнае права). У выніку барацьбы з камуністычным уплывам некалькі сот дзеячоў культуры і навукі на працягу прыкладна 10-15 год былі абмежаваны ў магчымасцях працаваць адпаведна сваёй спецыяльнасці на тэрыторыі Злучаных Штатаў і адначасова жорстка крытыкаваліся ў многіх СМІ ЗША. А прафсаюзныя актывісты мелі праблемы з арганізацыяй і правядзеннем эканамічных забастовак. У нелаяльнасці дзяржаве таксама падазравалі цёмнаскурых амерыканцаў, якія змагаліся за роўныя правы з белымі і ліквідацыю палітыкі расавай сегрэгацыі ў паўднёвых штатах, вернікаў, якім сумленне не дазваляла ўдзельнічаць у патрыятычных цырымоніях і ваеннай службе і нават асоб нетрадыцыйнай палавой арыентацыі [2]. Прычына была часткова ў адсутнасці дакладнага юрыдычнага вызначэння тэрміна «лаяльнасць дзяржаве», што спараджала магчымасць абвінаваціць у нелаяльнасці і супрацоўніцтве з камуністамі практычна кожнага амерыканца на падставе любых учынкаў ці поглядаў, якія маглі выклікаць падазрэнні якога-небудзь іншага грамадзяніна ЗША.

Пачатак кампаніі і яе першыя вынікі (1947—1954 гг.)

[правіць | правіць зыходнік]

Трэба зазначыць, што адносіны да камуністаў у ЗША былі пераважна негатыўнымі, але да пачатку Халоднай вайны з СССР масавай боязі камуністаў не было. Часткова боязь камуністаў была звязана з наяўнасцю атамнай зброі ў СССР і з тым фактам, што у пачатку 1950-х гг. кожны трэці жыхар Зямлі жыў у камуністычнай краіне[5].

Уласна макарцізм бярэ пачатак, калі сенатар Макарці падчас свайго выступлення ў жаночым клубе рэспубліканцаў г. Ўілінг (Зах. Вірджынія) 9 лютага 1950 г. публічна аб’явіў, што мае доказы наяўнасці 205 тайных камуністаў, якія працуюць у Дзяржаўным Дэпартаменце і паказаў аркуш паперы, у якім быццам былі іх імёны. Гэта не толькі выклікала пэўны рэзананс у СМІ і ў грамадстве, у якім панавала боязь уварвання савецкіх камуністаў у ЗША, але і зацікавіла урад Злучаных Штатаў. У выніку да сярэдзіны 1950-х гг. Макарці актыўна супрацоўнічаў з Камісіяй па расследаванню антыамерыканскай дзейнасці.

Першай рэзананснай справай, якую традыцыйна адносяць да макацізму, але якая адбылася яшчэ да таго як «узышла зорка» сенатара Макарці[6], была справа «галівудскай дзясяткі», калі ў кастрычніку 1947 г. ў рамках праверкі дзярслужачых і дзеячоў культуры па ініцыятыве прэзідэнта Гары Трумэна[7] некалькі кінематаграфістаў абвінавацілі ў нелаяльнасці дзяржаве і знявазе да Камісіі на падставе іх адмовы адказаць на пытанне «Ці з’яўляліся вы калі-небудзь членам Камуністычнай партыі?». Гэта прывяло да стварэння ў 1950 г. спісу дзячоў культуры, якіх абвінавачвалі ў пракамуністычных поглядах, вядомага пад назвай «Чорны спіс Галівуда». Рэжысёрам, акцёрам і іншым кінематаграфістам не давалі магчымасці свабодна займацца сваёй справай, калі іх імёны былі ў гэтым спісе. Пазней аналагічны лёс напаткаў шэраг вучоных і выкладчыкаў вну, якіх падазравалі ў нелаяльнасці да ЗША. На рэгіянальным узроўні маглі прыймаць законы, якія абмажоўвалі працоўныя правы камуністаў. (Так у Невадзе закон, які дазваляў наймальнікам звальняць работнікаў за прыналежнасць да кампартыі быў адменены толькі ў 2013 г [3].) Усяго ў «Чорным спісе» было 151 імя.

Менавіта з дзейнасцю сенатара Макарці звязалі праследаванне дзеячоў культуры, бо ён рабіў асаблівы акцэнт на ролі кінематаграфіі і тэлебачання ў фарміраванні грамадскай думкі і таму імкнуўся выцесніць адтуль усіх хто мог сімпатызаваць камуністам. Вось прыклад макарцісцкай адозвы да амерыканскіх тэлегледачоў:

«1) ЧЫРВОНЫЯ зрабілі наша кіно, радыё і тэлебачанне самай эфектыўнай Пятай калонай Масквы ў Амерыцы… 2) ЧЫРВОНЫЯ Галівуда і Брадвея заўсёды былі галоўным аб’ектам фінансавай падтрымкі камуністычнай прапаганды ў Амерыцы… 3) НАШЫ ЎЛАСНЫЯ ФІЛЬМЫ, знятыя ЧЫРВОНЫМІ прадзюсарамі, рэжысёрамі, сцэнарыстамі і ЗОРКАМІ, выкарыстоўваюцца Масквой у Азіі, Афрыцы, на Балканах і па ўсёй Еўропе, каб спарадзіць нянавісць да Амерыкі… 4) ЗАРАЗ робяцца фільмы, каб па-майстэрску славіць МАРКСІЗМ, ЮНЕСКА і ІДЭЮ АДНАПАЛЯРНАГА СВЕТУ… і праз тэлебачанне яны цякуць у Вашу залу — і атручваюць розум Вашых дзяцей прама на Вашых вачах!!![4]»

Пік удзелу Макарці і яго прыхільнікаў у дзейнасці Камісіі прыходзіцца на 1952-54 гг., пачатак прэзідэнцтва Д. Эйзенхаўэра, які давяраў сенатару ў яго барацьбе з камуністамі пэўны час[8]. Апошняй значнай перамогай макарцістаў стала прыняцце ў 1954 г. закона «Аб кантроле над камуністамі», згодна якому ўсталёваліся прызнакі распазнання камуніста і члены кампартыі ЗША пазбаўляліся права мець пашпарт для паездак за мяжу.

Крытыка і завяршэнне кампаніі

[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне 1950-х гг. шэраг вядомых антыкамуністаў пачалі крытыку метадаў работы Камісіі. Галоўным абвінавачваннем было тое, што падазраваць ў нелаяльнасці згодна метадам псіхалагічнага ціску, якімі шырока карысталіся супрацоўнікі Камісіі, можна было лаяльных амерыканцаў, якія таксама асуджалі камунізм. Так у сакавіку 1954 г. на тэлеканале «Сі-Бі-Эс» была асуджана дзейнасць Макарці, як парушэнне правоў амерыканцаў. Склаўшаяся сітуацыя супярэчыла Канстытуцыі Злучаных Штатаў, якая абараняла свабоду слова і прыватнага жыцця асобы[9]. Акрамя таго макарцізм дрэнна ўплываў на міжнародны імідж ЗША, як дэмакратычнай дзяржавы. Пасля гэтай перадачы перагібы Макарці асудзілі прэзідэнт ЗША Эйзенхаўэр, міністр абароны Стывенс і лідар Рэспубліканскай партыі Хол. У выніку супрацоўніцтва Джозефа Макарці з Камісіяй на гэтым скончылася. Дж. Макарці памёр у 1957 г. ад наступстваў алкагалізму, а Камісія перастала шырока выкарыстоўваць метады псіхалагічнага прэсінгу ў сваёй рабоце. Да 1957 г. палітыка пошуку нелаяльных грамадзян паступова спынілася, што лічыцца завяршэннем кампаніі. У 1960-х гг. фільмы апальных рэжысёраў ізноў пачалі выходзіць у масавы пракат і «Чорны спіс Галівуда» перастаў быць падствай для працоўнай дыскрымінацыі амерыканскіх грамадзян.

Вынікі і ацэнка

[правіць | правіць зыходнік]

Макарцізм адлюстроўваў распаўсюджаныя погляды на камуністаў у ЗША. Але трэба прыняць да ўвагі, што колькасць рэальных членаў КПЗША складала толькі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, большасць якіх ніяк не маглі ўплываць на палітыку краіны і погляды грамадства. Асноўным дасягненнем дзейнасці Камісіі было ўсталяванне кантролю над камуністамі ЗША. Але пры гэтым некалькі сот амерыканцаў пацярпелі ад псіхалагічнага ціску, праследавання ў прэсе і страты рабочых месцаў па прычыне падазрэнняў у нелаяльнасці. Акцёр Філіп Лоеб скончыў жыццё самагубствам 1 верасня 1955 г. пасля доўгіх праследаванняў і абвінавачванняў. Некаторыя амерыканцы былі вымушаны пакінуць ЗША.

Калі масавае інтэрніраванне японцаў і некаторых іншых «патэнцыяльна небяспечных чужынцаў» падчас Другой сусветнай вайны прывялі да публічных просьб аб прабачэнні і кампенсацый з боку федэральнай улады Злучаных Штатаў і кіраўніцтва некаторых асобных штатаў, то палітыка макарцізму не атрымала шырокага асуджэння пасля яе згортавання[10]. Але пры гэтым тэма макарцізму дастаткова добра распрацавана амерыканскімі гісторыкамі.

Па зразумелым прычынам, макарцізм шырока асуджаўся СМІ СССР. Але па-за межамі камуністычнага лагера асуджэнне макарцізму не носіла масавы характар. Часткова, гэта звязана з адсутнасцю масавых рэпрэсій масштабаў вынішчэння яўрэяў у гітлераўскай Германіі ці сталінскіх рэпрэсій у СССР.

Зноскі

  1. У беларускамоўных СМІ сустракаюцца абодва варыянты. Аднак апошні мае больш значную распаўсюджанасць, чым першы
  2. McCarthysm: „Unscrupulously accusing people of disloyalty (as by saying they were Communists)“ // WordWeb. Offline English Dictionary
  3. Ellen Schrecker. Many Are the Crimes: McCarthyism in America, 1998, p.203
  4. Камуністычная партыя ЗША ніколі не была забаронена. Яна адносна свабодна дзейнічае з 1919 г. па сённяшні дзень.
  5. Exposing the Red Paradise. // The Watchtower April 15, 1957, Vol. LXXVIII, No 8, p. 245
  6. Гладильщиков, Ю. Маккартизм в Голливуде возник до и без участия сенатора Маккарти // РИА новости
  7. Семенова С.Маккартизм // История США. Материалы к курсу
  8. Чырвоная спякота // Блог Андрэя Берастоўскага
  9. Першая папраўка да Канстытуцыі ЗША абранаяе свабоду слова, 3-я папраўка абараняе недатыкальнасць асобы, а 5-я папраўка дазволіла грамадзянам не даваць паказанні і сведчанні супраць саміх сябе. Усе гэты папраўкі былі зацверджаны 15 снежня 1795 г.
  10. Соколов М.Однажды в Америке. В чем, собственно, заключалась проблема, так воодушевившая сенатора Маккарти? // Огонёк № 4, 2000
  • Block, Herbert (1952). The Herblock Book. Beacon.
  • Brinkley, Alan (1995). The End Of Reform: New Deal Liberalism in Recession and War. Vintage.
  • Brown, Ralph S. (1958). Loyalty and Security: Employment Tests in the United States. Yale University Press.
  • Buckley, William F. (1977). A Hymnal: The Controversial Arts. G.P. Putnam’s Sons.
  • Buckley, William F. (1954). McCarthy and His Enemies: The Record and Its Meaning. Regnery.
  • Buhle, Paul, and David Wagner (2003). Hide in Plain Sight: The Hollywood Blacklistees in Film and Television, 1950—2002. Palgrave Macmillan.
  • Cox, John Stuart, and Athan G. Theoharis (1988). The Boss: J. Edgar Hoover and the Great American Inquisition. Temple University Press.
  • D’Emilio, John (1998). Sexual Politics, Sexual Communities (2d ed.). University of Chicago Press.
  • Doherty, Thomas (2005). Cold War, Cool Medium: Television, McCarthyism, and American Culture. Columbia University Press.
  • Fried, Albert (1997). McCarthyism, The Great American Red Scare: A Documentary History. Oxford University Press.
  • Fried, Richard M. (1990). Nightmare in Red: The McCarthy Era in Perspective. Oxford University Press.
  • Griffith, Robert (1970). The Politics of Fear: Joseph R. McCarthy and the Senate. University of Massachusetts Press.
  • Haynes, John Earl, and Harvey Klehr (2000). Venona: Decoding Soviet Espionage in America. Yale University Press.
  • Herman, Herman (2000). Joseph McCarthy: Reexamining the Life and Legacy of America’s Most Hated Senator. The Free Press.
  • McAuliff, Mary Sperling (1978). Crisis on the Left: Cold War Politics and American Liberals, 1947—1954. University of Massachusetts Press.
  • Rovere, Richard H. (1959). Senator Joe McCarthy. University of California Press.
  • Sabin, Arthur J. (1999). In Calmer Times: The Supreme Court and Red Monday. University of Pennsylvania Press.
  • Schrecker, Ellen (1998). Many Are the Crimes: McCarthyism in America. Little, Brown.
  • Schrecker, Ellen (2002). The Age of McCarthyism: A Brief History with Documents (2d ed.). Palgrave Macmillan.
  • Stone, Geoffrey R. (2004). Perilous Times: Free Speech in Wartime from the Sedition Act of 1798 to the War on Terrorism. W. W. Norton.
  • Streitmatter, Rodger (1998). Mightier Than the Sword: How the News Media Have Shaped American History. Westview Press.
  • Weir, Robert E. (2007). Class in America: An Encyclopedia. Greenwood Press.
  • Андрэй Берастоўскі. Гісторыя ЗША ў апавяданнях і дакументах. Мінск: выдавец А. М. Вараксін, 2019. — 176 с. ISBN 978-985-7220-59-5