Перайсці да зместу

Мікола Абрамчык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікола Абрамчык
Мікола Абрамчык
Мікола Абрамчык
Сцяг Прэзідэнт БНР
1947 — 1970
Папярэднік Васіль Захарка
Пераемнік Вінцэнт Жук-Грышкевіч

Нараджэнне 16 жніўня 1903(1903-08-16)
Смерць 29 мая 1970(1970-05-29) (66 гадоў)
Месца пахавання
Бацька Сямён Абрамчык
Жонка Ніна Абрамчык
Нацыянальнасць беларус
Веравызнанне БАПЦ
Партыя
Член у
Адукацыя
Месца працы
Узнагароды
Ордэн Пагоні
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мікола (Мікалай Сямёнавіч) Абрамчык (16 жніўня 1903(1903-08-16), Сычавічы, Радашковіцкая воласць[d], Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя29 мая 1970(1970-05-29), Парыж) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, інжынер. Прэзідэнт Рады БНР (снежань 1947—1970).

Прадзед Базыль Абрамчык меў трынаццаць сыноў, якія ўзялі ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў. Адзін быў за гэта пакараны смерцю на шыбеніцы, іншыя высланыя, а дзеда Міколы Янку выгналі з духоўнай семінарыі і пазбавілі грамадзянскіх правоў.

Нарадзіўся ў в. Сычавічы Вілейскага павета Віленскай губерні ў Расійскай імперыі (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Наконт даты нараджэння Міколы Абрамчыка ёсць розныя версіі, найбольш праўдападобна, што ён нарадзіўся 6 жніўня 1903 года, бо гэтая дата ўласнаручна ім запоўнена ў анкеце БІНіМ. Гэтая ж дата была надрукавана ў газеце «Бацькаўшчына» за 1952 год, дзе быў размешчаны вялікі біяграфічны артыкул, напісаны Лявонам Рыдлеўскім.[1]

З 1921 года браў удзел у нацыянальным руху, быў прадстаўніком Рады БНР на Вілейскую акругу. Скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію. З 1924 года працягваў адукацыю ў Чэхаславакіі, скончыў там эканамічна-кааператыўны факультэт Украінскай гаспадарчай акадэміі ў Подзебрадах з дыпломам інжынера-эканаміста, а таксама факультэт гісторыі і сацыялогіі Карлава ўніверсітэта ў Празе. Быў дзеячам Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. У Чэхаславакіі зблізіўся з прадстаўнікамі ўрада БНР (П. Крэчэўскім, В. Захаркам і інш.). У пачатку 1920-х гадоў з мэтай каардынацыі дзеянняў шмат разоў нелегальна наведваў БССР[2].

У 1930 годзе пераехаў у Францыю, заснавальнік і кіраўнік аб’яднання беларускіх рабочых «Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі» (1932), выдавец яго перыядычных выданняў «Бюлетэнь» (Le Bulletin des Travailleures Bielorussiens en France) і «Рэха». Працаваў рабочым і інжынерам на фабрыках, шахтах і ў сельскай гаспадарцы. У Парыжы жыў па адрасе Rue de Gravilliers 65. Мікалай Вакар, знаёмы з Абрамчыкам, успамінаў: «Быў у яго ў мансардзе пад небам… кніжныя паліцы, чыгунная печка, пішучая машынка на часанам стале і рататар…»[3].

У 1941—1943 гадах дзеяч Беларускага камітэта самапомачы (БКС) у Берліне, рэдактар газеты «Раніца» (1939—1944), арганізатар і лектар курсаў беларусазнаўства, выдавец кніг Я. Коласа «Сымон Музыка» і Л. Геніюш «Ад родных ніў». Працаваў у Камітэце самапомачы ў Беластоку. Уступіў у кантакты з Беларускай незалежніцкай партыяй, але ў кастрычніку 1943 года быў арыштаваны гестапа і вывезены ў Парыж пад хатні арышт.[4] Жыў у прыгарадзе Парыжа Вільпэнце. 2 снежня 1944 абараніў на філалагічным факультэце Сарбоны дысертацыю пад назвай "Крытычнае ўвядзенне ў вывучэнне беларускай гісторыі" (Introduction critique à l'étude de l’histoire bélarussienne)[5].

Ад 15 жніўня 1945 быў старшынём Беларускага нацыянальнага цэнтра ў Германіі. Цягам 1945–1947 гадоў Мікола Абрамчык паступова стварыў сабе арганізаванае кола прыхільнікаў. Да арганізацыйнага супрацьстаяння дадаліся моўны і царкоўны аспекты, у выніку чаго з’явіліся дзве мянушкі: «крывічы» (для прыхільнікаў Міколы Абрамчыка) і «зарубежнікі» (для прыхільнікаў Радаслава Астроўскага). Апошнія паступова былі выціснутыя з БНЦ.

Ад 1946 г. працаваў па лініі IRO (International Refugee Organization). У снежні 1947 г. афіцыйна аднавіў і ўзначаліў Раду БНР. Мікола Абрамчык быў праціўнікам пераходу беларускіх епіскапаў у РЗПЦ і адным з ініцыятараў адраджэння БАПЦ у 1948 годзе.

Магіла Мікола Абрамчыка на могілках Пер-Лашэз у Парыжы

Удзельнічаў у паваенным антыкамуністычным руху, аўтар брашуры «I accuse Kremlin of Genocide of My Nation» (Я абвінавачваю Крэмль у генацыдзе майго народа; ЗБК, Таронта, 1950). У 1950—1960-я гады быў прэзідэнтам Лігі за вызваленне народаў СССР (League for the Liberation of the Peoples of the USSR (Paris Bloc)). Паводле гісторыка Наталлі Гардзіенка, дзякуючы Міколе Абрамчыку з’явілася беларуская рэдакцыя Радыё «Вызваленне/Свабода».

У канцы 1960-х гадоў захварэў на рак. У 1969 годзе перанёс аперацыю. 29 мая 1970 года памёр у шпіталі Анэ-су-Буа. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз. З-за таго што на магільнай пліце не было надпісу, а магілу значны час не даглядалі, месца пахавання М. Абрамчыка было згублена. Намаганнямі сяброў супольнасці «Беларуская нацыянальная памяць» магілу знайшлі ў 2008 годзе.

Быў жанаты з Нінай Ляўковіч (з пачатку 1940-х). Дзядзька беларускага дзеяча эміграцыі Данілы Клінцэвіча.

  • Procès 490 de la Ghromade bielorusse è Vilna. Prague: Secanina, 1928. 32 p.
  • Historyja Biełarusi u kartach: pavodle lekcyj čytanych ing. M. Abramčykam, na kursach Biełarusawiedy u Berlinie 1941-42 hodzie. Berlin, 1942. 62 s.
  • О белорусско-польских взаимоотношениях в прошлом и настоящем. Париж, 1 марта 1945. 4 с.
  • Ab pryrodnykh bahatstvakh Belarusi. Liondan, 1947. 45 s.
  • [La Bielorussie]. Paris, le 29 Avril 1948. 6 p.
  • I accuse the Kremlin of genocide of my nation: based on the secret documents of the military prosecutors and N.K.V.D. of the U.S.S.R. Toronto: Byelorussian Alliance in Canada, 1950. 36 p.
  • Змагар за долю іншых. Памяці Лявона Рыдлеўскага. Нью Ёрк: "Беларус", 7 лістапада 1953. 4 с.
  • The new Soviet political line and our position. N.Y., Sept. 27, 1956. 3 p.
  • The League for the Liberation of the Peoples of the USSR: Composition, Aims and Tasks // Problems of Peoples of USSR. № 1 (1958). P. 5-7.
  • Manifesto of the Rada of the Byelorussian Democratic Republic. N.Y., March 25th, 1958. 8 p.
  • Belorussia. Munich, 1963. 13 p.

Зноскі

  1. Радыё Рацыя. Калі насамрэч нарадзіўся Мікола Абрамчык?(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2020. Праверана 21 чэрвеня 2020.
  2. МІКОЛА АБРАМЧЫК
  3. Кодин Е. В. Н. П. Вакар и начало американского послевоенного белорусоведения // История и историография: объективная реальность и научная интерпретация: сб. науч. ст. по материалам междунар. науч. конф., посвящ. 140-летию со дня рождения акад. В. И. Пичеты / редкол.: А. Д. Король (гл. ред.) [и др.]. Минск: БГУ, 2018. С. 53.
  4. Уладзімір Аляксеевіч Арлоў: Імёны Свабоды: Мікола Абрамчык
  5. Annales de l'Université de Paris (1948). P. 119.
  • Zaprudnik J. Historical Dictionary of Belarus. Lanham, Md. [u.a.]: Scarecrow Press, 1998. ISBN 0-8108-3449-9
  • Арлоў У. Імёны Свабоды / Уладзімер Арлоў. — [Б.м.]: Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода, 2007. — (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — С. 256—257.
  • Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.
  • Экспедыцыя Беларускай Нацыянальнай Памяці па краінах Заходняй Еўропы // Беларускае Радыё «Рацыя»: Матэрыялы: Замежжа. 7.8.2008, 12:59. — Эл.рэсурс racyja.by