Асманская імперыя ў Першай сусветнай вайне
Асманская імперыя ўступіла ў кастрычніку 1914 года у Траісты саюз з Германіяй, Аўстра-Венгрыяй і Італіяй, накіраваны супраць Антанты — саюза Англіі, Францыі і Расіі. Рашэнне Турцыі далучыцца да ваенна-палітычнага саюза Германіі і Аўстра-Венгрыі стала фатальным для яе далейшага лёсу. Гэта прывяло асманскую дзяржаву ў 1918 годзе да паразы ў Першай сусветнай вайне, а ў 1920 годзе — да вельмі нявыгаднай Сеўрскай мірнай дамовы, наступствам якой стаў канчатковы распад Асманскай імперыі як дзяржавы і манархіі і ўзнікненню на яе месцы рэспублікі.
Перадумовы да ўдзелу Асманскай імперыі ў Першай сусветнай вайне
[правіць | правіць зыходнік]У 1911 годзе пачалася Італа-турэцкая вайна, якая скончылася ў 1912 годзе адрыньваннем на карысць Італіі часткі паўночнаафрыканскіх правінцый Турцыі. Але, напэўна, самым магутным штуршком да пошуку магутных саюзнікаў стала Балканская вайна 1912—1913 гадоў. Аб’яднаныя супраць Турцыі ў Балканскі саюз яе былыя васалы Балгарыя, Сербія, Чарнагорыя і Грэцыя змаглі разбіць дзве турэцкія арміі. Турцыя пазбавілася амаль усіх сваіх тэрыторый на Балканскім паўвостраве, захаваўшы ў еўрапейскай частцы толькі Стамбул і невялікую частку Фракіі. Грэцыя і Сербія амаль удвая павялічылі свае ўладанні, з’явілася новая дзяржава Албанія.
Пасля некалькіх разгромаў Асманскай імперыі трэба было паправіць сваё становішча. Турцыя вырашыла абаперціся на Нямеччыну, чые афіцэры і дарадцы прымалі актыўны ўдзел у мадэрнізацыі турэцкіх узброеных сіл і ваенна-марскога флоту. Сваю ролю адыграла і тое, што арганізатар ваеннага перавароту 1913 года турэцкі палітычны і ваенны дзеяч Энвер-паша, вядомы сімпатыямі да Германіі, стаў ваенным міністрам Асманскай імперыі. Аднак прамога ўдзелу Турцыі ў ваенных дзеяннях Энвер-паша першапачаткова не жадаў. Ён нават прапанаваў Расіі таемны саюз: у абмен на свой нейтралітэт Турцыя хацела атрымаць ад Мікалая II абяцанне не прэтэндаваць на ўладанні дзяржавы асманаў. Пасля адмовы Расіі Энвер-паша зрабіў канчатковы выбар у карысць Нямеччыны і вайны.
Асманская імперыя ў гады Першай сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]Турэцкія войскі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на Блізкім Усходзе і на Каўказскім фронце. У ходзе вайны Асманская імперыя атрымала некалькі істотных перамог. Да іх адносіцца Дарданэльская аперацыя 1915—1916 гадоў, дзе былі разбіты англійскія і французскія войскі, якія планавалі захапіць пралівы і нанесці ўдар па Стамбуле. Паспяховай для турак была аблога Эль-Кута (Месапатамія) у 1915—1916 гадах. У ходзе аблогі была ліквідавана групоўка брытанскіх войскаў, якая спрабавала авалодаць важнымі нафтаноснымі раёнамі.
Аднак Турцыя панесла і некалькі сур’ёзных параз, у прыватнасці на Каўказскім фронце. Тут рускія войскі ўжо ў 1915 годзе перанеслі ваенныя дзеянні на турэцкую тэрыторыю, разграмілі буйныя сілы турак і захапілі важныя стратэгічныя раёны. Акрамя таго, падчас вайны туркам прыйшлося мець справу з паўстаннем арабскіх плямёнаў на Блізкім Усходзе. У 1916—1918 гады правадыры гэтых плямёнаў, якія жылі на Аравійскім паўвостраве, пры актыўнай падтрымцы Вялікабрытаніі пачалі партызанскі рух супраць турэцкіх уладаў. Гэта значна аблегчыла дзеянні брытанскіх войскаў супраць Асманскай імперыі, адцягнула буйныя турэцкія сілы з фронту, у вядомай ступені пераламаўшы ход вайны для Турцыі на карысць Антанты.
На час вайны прыпадаюць таксама масавыя ганенні на хрысціянскае насельніцтва імперыі, перш за ўсё армян і грэкаў, арганізаваныя турэцкай арміяй і мясцовымі ўзброенымі атрадамі мусульман. У 1915—1916 гады мільёны хрысціянскіх жыхароў Асманскай імперыі былі абрабаваны, выгнаны з родных мясцін, забіты, загінулі ад голаду і хвароб.
У снежні 1917 года паміж Расіяй і Асманскай імперыяй было заключана перамір’е, якое паклала канец ваенным дзеянням на Каўказскім фронце. Па выніках Брэсцкага міру Турцыя атрымала гарады Ардаган, Батум і Карс з акругамі.
Паражэнне і выхад імперыі з вайны
[правіць | правіць зыходнік]У 1917—1918 галы Англія і Францыя паступова займалі блізкаўсходнія ўладанні імперыі (Сірыя, Ліван, Палестына, Іарданія, Ірак) і стваралі там незалежныя дзяржавы. Не чакаючы канчатковага разгрому Германіі, у канцы кастрычніка 1918 года прадстаўнікі Турцыі і Вялікабрытаніі падпісалі Мудраскае перамір’е, што фактычна паклала канец удзелу Турцыі ў вайне.
Па гэтым пагадненні Асманская імперыя аддала пад кантроль Антанты ўсе парты́ на ўзбярэжжы Чорнага і Міжземнага мораў, а таксама пралівы Басфор і Дарданэлы, дэмабілізавала войска і перадала саюзнікам увесь ваенна-марскі флот, а таксама ўсе ваенна-марскія арсеналы, верфі і суднарамонтныя докі, вывела свае войскі з гарнізонаў за межамі імперыі, перадала пад кантроль Антанты чыгункі, сродкі сувязі, па́ліўныя і харчовыя рэсурсы краіны. Гэта азначала практычна поўнае пазбаўленне Турцыі статусу суверэннай дзяржавы і раздзяленне яе на часткі. Перыядычна на тэрыторыі Турцыі ўзнікалі хваляванні, якія душылі войскі саюзнікаў. Умовы міру былі настолькі зневажальнымі, што сябры турэцкай дэлегацыі, якія падпісалі яго, пабаяліся вярнуцца ў Стамбул. Перш чым навіны пра мір сталі шырока вядомыя ў краіне, лідэры младатурак — члены ўрада і кіраўніцтва партыі — таемна пакінулі сталіцу і выехалі ў Германію.
Практычна адразу пасля перамір’я англійскія, французскія і італьянскія войскі пачалі займаць найважнейшыя тэрыторыі Асманскай імперыі. Яны акупавалі і Стамбул. Пад поўны кантроль саюзнікі ўзялі Чорнае і Міжземнае мора.
У пачатку 1919 года умовы Мудраскага перамір’я, заключанага без уліку інтарэсаў усіх дзяржаў Антанты, былі перагледжаны ў ходзе Парыжскай мірнай канферэнцыі. Ад Турцыі былі дадаткова аддзеленыя Арменія, Сірыя, Палестына, Аравія і Месапатамія.
Быў распушчаны парламент, уведзена цэнзура, забаронены мітынгі і дэманстрацыі. Усе банкі, фабрыкі, руднікі, чыгункі і дзяржаўныя ўстановы краіны, ваенныя арсеналы, гарнізоны і штабы, а таксама аб’екты ваеннай прамысловасці перайшлі пад кантроль саюзнікаў. Узброеныя сілы Асманскай імперыі перасталі існаваць.
Сеўрскі дагавор і канчатковы распад Асманскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У жніўні 1920 года Антанта і шэраг іншых дзяржаў, у прыватнасці Арменія, падпісалі з Асманскай імперыяй Сеўрскі мірны дагавор, які стаў часткай Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Па гэтай дамове ўсе еўрапейскія тэрыторыі Турцыі, акрамя Стамбула з прылеглай да яго вобласцю, адышлі Грэцыі. Турцыя таксама страціла ўсе свае арабскія ўладанні. Пралівы Басфор і Дарданэлы перайшлі пад кантроль саюзных сіл. Грамадства ацаніла Саўрскую дамову як несправядлівую, якая ператварае Турцыю ў калонію краін-пераможцаў. Новы парламент краіны — меджліс — адмовіўся зацвердзіць яго.
Стварэнне Турэцкай Рэспублікі
[правіць | правіць зыходнік]Ужо ўлетку 1919 года ў Турцыі пачалася вайна за незалежнасць, мэтай якой было выгнанне з Турцыі замежных акупантаў і стварэнне там рэспублікі. На чале гэтага ўзброенага паўстання стаў генерал Мустафа Кемаль Атацюрк, які атрымаў папулярнасць падчас Першай сусветнай вайны. Яго стаўка размяшчалася ў горадзе Анкара, другім па велічыні горадзе краіны пасля Стамбула (у Стамбуле знаходзіўся ўрад султана, падпарадкаваны войскам Антанты). Увесну 1920 года Мустафа Кемаль-паша быў абраны старшынёй меджлісу, які абвясціў сябе адзінай законнай уладай у краіне. Быў сфарміраваны новы ўрад.
У канцы 1922 года турэцкія войскі накіраваліся да Стамбула. Урады краін Антанты селі за стол перамоваў з турэцкімі ўладамі. Вынікам стала новае пагадненне з Турцыяй, дасягнутае ў канцы 1922 года. Турцыя вярнула сабе частку тэрыторый, страчаных па Сеўрскаму дагавору. Войскі саюзнікаў пакінулі Стамбул, і 1 лістапада туды ўступілі войскі Кемаля, а ў гэты ж дзень на англійскім караблі з Турцыі назаўжды з’ехаў апошні султан, якога новыя ўлады пазбавілі тытула.
У ліпені 1923 года ў Швейцарыі быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор, які адмяніў зневажальныя ўмовы Сеўрскага міру. Сталіцай Турцыі стала Анкара. 29 кастрычніка таго ж года была абвешчана Турэцкая Рэспубліка[1].
Зноскі
- ↑ Падение Османской империи(недаступная спасылка) (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Зайончковский А.М. Первая мировая война. — СПб.: Полигон, 2000. — 878 с. — ISBN 5-89173-082-0.
- Бэзил Лиддел Гарт. 1914. Правда о Первой мировой. — М.: Эксмо, 2009. — 480 с. — 4 300 экз. — ISBN 978-5-699-36036-9.
- История Первой мировой войны 1914—1918 гг. / под редакцией И. И. Ростунова. — в 2-х томах. — М.: Наука, 1975. — 25 500 экз.