Перайсці да зместу

Ліберыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэспубліка Ліберыя
Republic of Liberia
Герб Ліберыі
Сцяг Ліберыі Герб Ліберыі
Дэвіз: «The love of liberty brought us here (Любоў да свабоды прывяла нас сюды)»
Гімн: «All Hail, Liberia Hail»
Дата незалежнасці 26 ліпеня 1847 (ад ЗША)
Афіцыйная мова англійская
Сталіца Манровія
Найбуйнейшыя гарады Манровія
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Джозеф Баакаі
Джоэл Тэйлар
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
103-я ў свеце
111 369 км²
1%
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

4 689 021[1] чал. (125-я)
40 чал./км²
ВУП
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$4,123 млрд. [2]  (170-ы)
$915  (178-ы)
ІРЧП (2017) 0.435 (нізкі) (181-ы)
Валюта Ліберыйскі долар (LRD)
Інтэрнэт-дамены .lr
Код ISO (Alpha-2) LR
Код ISO (Alpha-3) LBR
Код МАК LBR
Тэлефонны код +231
Часавыя паясы +0

Лібе́рыя (анг.: Republic of Liberia) — краіна ў Заходняй Афрыцы. Мяжуе з Гвінеяй, Кот-д’Івуарам і Сьера-Леонэ. Мае выхад да Атлантычнага акіяна. Займае плошчу ў 111 тыс. км² з насельніцтвам каля 4,7 млн чалавек. Сталіца і найбуйнейшы горад — горад Манровія.

Дзяржаўная мова — англійская, у стасунках ужываецца каля 20 мясцовых моў.

Ліберыя з’яўляецца самай доўгаіснуючай рэспублікай у Афрыцы (з 1847). Ліберыя была сярод заснавальнікаў Лігі Нацый і ААН. Сёння з’яўляецца сябрам ААН, Афрыканскага Саюза і дзяржаў АКТ. Амаль уся гісторыя краіны цесна звязаная са Злучанымі Штатамі Амерыкі, як эканамічна, так і культурна. Пад канец ХХ стагоддзя краіна зведала дзве грамадзянскія вайны, якія забралі жыцці 250 000 чалавек і негатыўна адбіліся на эканоміцы. У 2014—2015 Ліберыя стала адным з ачагоў эпідэміі ліхаманкі Эбола, і хоць вірус і ўдалося адолець, шуму ён нарабіў шмат. У 2018 годзе лідарам краіны стаў знакаміты ў 1990-х футбаліст «Мілана» Джордж Веа.

З ВУП на душу насельніцтва меней за 1000 долараў Ліберыя ўпэўнена адносіцца да групы найменш развітых краін свету. Каля 85 % насельніцтва жыве ніжэй за міжнародную мяжу беднасці.

«Ліберыяй» гэтую зямлю назвалі ў 1824 годзе амерыканскія чарнаскурыя каланісты. У перакладзе на еўрапейскія мовы назва азначае «свабодная краіна».

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Краіна знаходзіцца ў Заходняй Афрыцы ў некалькіх сотнях кіламетраў ад экватара. Ліберыя мяжуе з Гвінеяй (563 км) на поўначы, Сьера Леонэ (306 км) і Кот-д’Івуарам (716 км) — на ўсходзе. Берагавая лінія складае 579 км.

Лясы Ліберыі

Рэльеф Ліберыі змяняецца з аддаленнем ад марскога ўзбярэжжа: пачаткова плоская, часам узгорыстая раўніна пераходзіць у хвалістае пласкагор’е і невысокія горы ў паўночна-ўсходняй частцы краіны. Найвышэйшы пункт краіны — гара Маўнт-Вутэвэ (1440 м). Больш высокую (1752 м) гару Німба Ліберыя дзеліць з Кот-д’Івуарам і Гвінеяй.

Клімат экватарыяльны, спякотны. Сярэднегадавая тэмпература +25 °C. Колькасць ападкаў складае 5 000 мм на ўзбярэжжы і 1 500 мм у глыбіні краіны. З мая да кастрычніка, з невялікім антрактам у канцы ліпеня, цягнуцца трапічныя дажджы. У зімовыя месяцы з лістапада па сакавік з Сахары дзьме сухі, насычаны пылам вецер харматан.

Рака Кавалі ў кастрычніку

Усе галоўныя рэкі краіны цякуць у паўднёва-заходнім кірунку, самыя доўгія з іх бяруць пачатак на плато ў суседняй Гвінеі. Мяжа са Сьера Леонэ праходзіць па рацэ Мана, з Кот-д’Івуарам — па рацэ Кавалі. Манровія размясцілася побач з вусцем ракі Сент-Пол.

Следам за рэльефам і кліматам змяняюцца краявіды. На ўзбярэжнай нізіне захаваліся балоты і мангры. Узгоркі цэнтральнай часткі пакрытыя вільготнымі трапічнымі лясамі. Увогуле лясамі занятая амаль што палова тэрыторыі Ліберыі, і менавіта тут засталося каля 40 % усіх лясоў экарэгіёна Верхняя Гвінея. Паўночныя пласкагор’е і невысокія горы, дзе ўжо з’яўляецца досыць працяглы сухі сезон, пакрытыя саваннамі слановае травы і напаўлістападнымі лясамі.

Ліберыйскія землі былі заселеныя толькі ў ІІ тыс. н.э. у выніку міграцыі плямёнаў з поўначы і захаду, якая адбывалася з прычын падзення імперый Малі і Сангай, а таксама апустыньвання цэнтральных раёнаў. У ХVI-XVI стагоддзі свае факторыі для гандлю рабамі тут мелі партугальцы, англічане і галандцы. Апошнія называлі ўзбярэжжа Пярцовым берагам.

Узнікла Ліберыя дзякуючы намаганням Амерыканскага Каланізацыйнага Таварыства, якое верыла, што былыя рабы здолеюць займець свабоду і дабрабыт на сваёй гістарычнай радзіме. У 1821 г. паміж Таварыствам і мясцовымі плямёнамі была падпісана дамова, дзякуючы якой вызваленыя рабы маглі сяліцца тут і жыць у згодзе з 18 плямёнамі абарыгенаў. Паміж 1822 і 1861 больш за 15 тысяч вызваленых і свабоднанароджаных неграў і 3200 афракарыбцаў перасяліліся з Амерыкі ў Ліберыю.

Джозеф Робертс

26 ліпеня 1847 г. была прынятая канстытуцыя, якая пацвердзіла незалежнасць Ліберыі і рэспубліканскі дзяржаўны лад паводле амерыканскай мадэлі. Першым прэзідэнтам стаў Джозеф Робертс. Цікава, што Злучаныя Штаты прызналі незалежную Ліберыю толькі падчас грамадзянскай вайны ў 1862 годзе.

Амерыкана-ліберыйцы не зліліся з мясцовымі плямёнамі, якія аднесліся да перасяленцаў варожа і нават рабілі ўзброеныя набегі. І сталася так, што 5 % насельніцтва з амерыканскімі каранямі сфармавалі палітычную эліту, астатнія ж не былі нават грамадзянамі. Адукацыя і ахова здароўя насельніцтва былі перакладзеныя на хрысціянскія місіі.

У Першую сусветную вайну Ліберыя падтрымала ЗША і Антанту, са свайго боку ЗША дапамаглі мадэрнізаваць інфраструктуру краіны, асабліва транспартную.

У 1980 г. Самуэль Доэ здзейсніў ваенны пераварот, забіў прэзідэнта Уільяма Толберта і, зрынуўшы ўрад, усталяваў уласны, а сябе абвясціў кіраўніком дзяржавы. У 1989 г. пачалася грамадзянская вайна (доўжылася да 1996), у выніку Доэ быў забіты, а ваенныя страцілі ўладу. У 1997 г. прэзідэнтам Ліберыі быў абраны Чарлз Тэйлар, адзін з апанентаў Доэ. Але да стабільнасці Ліберыя мусіла перажыць яшчэ адну грамадзянскую вайну (1999—2003). 23 лістапада 2005 г. на пасаду прэзідэнта была абрана Элен Джонсан-Серліф — першая жанчына-прэзідэнт у Афрыцы. У 2014—2015 Ліберыя стала адным з ачагоў распаўсюджання эпідэміі ліхаманкі Эбола, і хоць вірус і ўдалося адолець, шуму ён нарабіў шмат. У 2018 годзе лідарам краіны стаў знакаміты ў 1990-х футбаліст «Мілана» Джордж Веа.

Дзяржаўны лад і палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Ліберыя — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя, прынятая 6 студзеня 1986 г. с наступнымі зменамі. Кіраўнік дзяржавы і ўрада, а таксама вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва шляхам усеагульных прамых выбараў на 6-гадовы тэрмін.

Вышэйшы прадстаўнічы і заканадаўчы орган — двухпалатны парламент — Нацыянальная Асамблея (Сенат і Палата Прадстаўнікоў). 64 дэпутата Палаты Прадстаўнікоў абіраюцца шляхам усеагульных прамых і таемных выбараў на 6 гадоў. Сенат, які складаецца з 30 сенатараў, таксама абіраецца шляхам усеагульнага прамога і тайнага галасавання (тэрмін паўнамоцтваў 15 старэйшых сенатараў — 9 гадоў, 15 малодшых — 7 гадоў).

Судовая сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

Адносіны з Беларуссю

[правіць | правіць зыходнік]

27 красавіка 2016 г. у пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку было падпісана сумеснае камюніке аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Ліберыя. Былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін, а таксама крокі па ўмацаванні супрацоўніцтва ў ААН і ў Руху недалучэння.[3]

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

У адміністрацыйным плане Ліберыя дзеліцца на 15 графстваў.

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Ліберыя адносіцца да найменш населеных дзяржаў Заходняй Афрыкі. У гістарычным мінулым ліберыйская зямля панесла значныя чалавечыя страты праз гандаль рабамі. Дзве грамадзянскія вайны канца ХХ — пачатку ХХІ ст. забралі 250 тысяч жыццяў і выклікалі моцны міграцыйны адток (таксама каля чвэрці мільёна чалавек). Хоць часам Ліберыя сама прымае мігрантаў: у 2010—2011 гадах сюды, ратуючыся ад гвалту, перабраліся 125 000 івуарыйцаў. Сёння ў Ліберыі налічваецца меней за 5 млн чалавек, пры гэтым краіна дэманструе тыпова афрыканскія тэмпы росту насельніцтва: нараджаецца 38 чалавек на 1000 (2017), а на адну жанчыну прыходзіцца 5 дзяцей, прырост складае 2,5 % штогод[1]. Ён быў бы яшчэ вышэйшым, каб не эміграцыя (0,6 %).

Сярэдні ўзрост ліберыйца ў 2017 складаў 17,8 гадоў, а 60 % насельніцтва былі маладзейшыя за 25 гадоў. Вялікіх поспехаў Ліберыя дасягнула ў барацьбе за жыцці немаўлят: нягледзячы на недахоп медыцынскіх работнікаў, узровень дзіцячай смяротнасці з 1990 знізіўся на 70 % і цяпер складае 52 на 1000, што ўсё роўна застаецца адным з найгоршых паказчыкаў у свеце. Яшчэ горшыя пазіцыі Ліберыі ў мацярынскай смяротнасці, бо роды часта прымаюць не прафесійныя медыкі.

Насельніцтва Ліберыі складаецца з некалькіх этнічных груп. Таксама тут жывуць нашчадкі вызваленых амерыканскіх і карыбскіх рабоў (пераважна з Барбадаса), якіх называюць амерыканаліберыйцамі (каля 5 %). Яны па сённяшні дзень займаюць вышэйшыя грамадскія і палітычныя пасады. Астатнія 95 % насельніцтва складаюцца з мясцовых плямёнаў: кпеле — буйнейшае, баса, гіё, кру, грэба, мана, крахн, гола, гбандзі, лома, кісі, ваі, дэі, бэла, мандынга і мендэ.

Манровія, даўнтаўн

Этнічная разнароднасць ускладняецца існаваннем у краіне каля 20 моў, а таксама распаўсюджанасцю анімізму. Дзяржаўная мова — англійская, ва ўмовах нацыянальнай стракатасці яна служыць сродкам міжэтнічных зносін. Паводле перапісу 2008 г., 86,5 % ліберыйцаў з’яўляюцца хрысціянамі пераважна пратэстанцкіх кірункаў, 12,2 % — мусульмане.

У гарадах жывуць крыху больш за палову ліберыйцаў. У сталічным графстве Мантсерада ў 2017 жылі 1 118 тыс. чалавек, з іх 970 тысяч — у агламерацыі Вялікая Манровія. Як тое вядзецца на чорным кантыненце, роля сталіцы гіпертрафіраваная: па звестках 2008 года, у Манровіі пражывае ў 4 разы больш насельніцтва, чым у сталіцах усіх астатніх графстваў, разам узятых. Другі горад — Гбарнга на паўночным усходзе (56 тыс.), трэці — Бьюкенен (50 тыс.).

Грашовая адзінка — ліберыйскі долар. З 1943 па 1982 у якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваўся амерыканскі долар, які ў наш час ходзіць нароўні з ліберыйскім.

З ВУП на душу насельніцтва меней за 1000 долараў Ліберыя ўпэўнена адносіцца да групы найменш развітых краін свету. Каля 85 % насельніцтва жыве ніжэй за міжнародную рысу беднасці. Узровень беспрацоўя, паводле афіцыйных даных, складае 15 %. Такая цана палітычнай нестабільнасці і грамадзянскіх войнаў, бо яшчэ ў 1980 ліберыйскі паказчык ВУП на душу насельніцтва быў роўны, напрыклад, егіпецкаму. Падчас першай грамадзянскай вайны (1989—1996) ВУП скараціўся на 90 %. У канцы 1990-х Ліберыя пастаўляла зброю ў Сьера-Леонэ ў абмен на алмазы, што прымусіла ААН накласці на алмазы ліберыйскага паходжання гандлёвае вета («крывавыя алмазы»). Іншае вета тычылася ліберыйскай драўніны. У выніку Ліберыя атрымала дэфіцыт гандлю ў 60 %. Пасля сканчэння другой грамадзянскай вайны эканомікі Ліберыі фактычна не існавала, таму не дзіва, што ў наступнае спакойнае дзесяцігоддзе яна дэманстравала адныя з найхутчэйшых у свеце тэмпы росту. У 2006 былі знятыя вета, а ў 2010 краіна атрымала статус назіральніка ў СГА.

Гістарычна склалася так, што эканоміка Ліберыі ў значнай ступені залежыць ад замежнай дапамогі, прамых замежных інвестыцый (Ліберыя — сусветны лідар па долі інвестыцый у аб’ёме ВУП) і экспарту прыродных рэсурсаў, такіх як жалезная руда, натуральны каўчук і драўніна. Буйнейшы працадаўца — амерыканская кампанія Firestone, што займаецца вытворчасцю шын і валодае найбуйнейшай у свеце плантацыяй гевеі, дзе ў 2015 працавалі 8000 чалавек.

У 2010-я ў Ліберыі пачалася здабыча нафты. Электраэнергетыка Ліберыі развітая слаба і прадстаўлена ў асноўным прыватнымі невялікімі генератарамі агульнай магутнасцю 20 МВт. У 2016—2018 гг. з аднаўленнем ГЭС Маунт Кофі на рацэ Сент-Пол, зруйнаванай падчас першай грамадзянскай вайны, магутнасць узрасла ўпяцёра. Цяпер можна сказаць, што 80 % электраэнергіі Ліберыі вырабляецца на ГЭС. Тарыфы на электраэнергію — адныя з самых высокіх у свеце (54 цэнты за кВт*гадз у 2013).

Ліберыя вядомая як краіна «таннага фрахту». Лёгкасць атрымання ліберыйскага сцяга для карабля, а таксама адсутнасць плацяжоў за яго выкарыстанне прывялі да таго, што гандлёвы флот, які ходзіць пад ліберыйскім сцягам, адзін з самых вялікіх у свеце. Агульны танаж яго 3500 суднаў пераўзыходзіць 100 млн тон, што складае 11 % сусветнага танажу, наперадзе толькі Панама.

Даволі спецыфічнай рысай ліберыйскай эканомікі з’яўляецца перавага паслуг над таварамі ў знешнім гандлі. Асноўныя артыкулы экспарту тавараў: натуральны каўчук, жалезная руда, сырая нафта, какава-бабы, драўніна, золата; імпарту: нафтапрадукты, машыны, лекі, харчаванне. Цікава, што галоўныя партнёры па экспарце і імпарце — зусім розныя краіны (па экспарце — гэта Польшча, ЗША, Нідэрланды, Германія, Швейцарыя; па імпарце — Сінгапур, Кітай, Карэя, Японія). Гэта звязана з тым, што названыя азіяцкія краіны найбольш актыўна карыстаюцца паслугай ліберыйскага «зручнага сцягу».

Некаторыя цікавінкі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Джозеф Джэнкінс Робертс — першы прэзідэнт Ліберыі — нарадзіўся ў штаце Вірджынія, гэтаксама як і першы прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон.
  • Прызнанне права на грамадзянства ўсіх ліберыйцаў у 1904 было як бы рэпетыцыяй аналагічнага акту ў ЗША ў дачыненні да індзейцаў.

Зноскі