Эрытрэя
| |||||
Гімн: «ኤርትራ ኤርትራ ኤርትራ» | |||||
Дата незалежнасці | 24 мая 1993 (ад Эфіопіі) | ||||
Афіцыйныя мовы | няма; пераважае тыгрынья і арабская | ||||
Сталіца | Асмара | ||||
Найбуйнейшы горад | Асмара | ||||
Форма кіравання | Часовы ўрад | ||||
Прэзідэнт | Ісаяс Афеворкі | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
100-я ў свеце 117,600 км² 0,14 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць |
5 918 000[1] чал. (118-я) 50,6 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$10 176 млн [1] $1466[1] | ||||
ІРЧП (2017) | ▼ 0.420 (нізкі) (179-ы) | ||||
Валюта | накфа | ||||
Авіякампанія | Eritrean Airlines | ||||
Інтэрнэт-дамен | .er | ||||
Код ISO (Alpha-2) | ER | ||||
Код ISO (Alpha-3) | ERI | ||||
Код МАК | ERI | ||||
Тэлефонны код | +291 | ||||
Часавыя паясы | +3 |
Эрытрэ́я — краіна ў паўночна-ўсходняй частцы Афрыкі, на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Мяжуе з Суданам на захадзе, Эфіопіяй на поўдні і Джыбуці на паўднёвым усходзе. У склад Эрытрэі ўваходзяць астравы Дахлак і Ханіш у Чырвоным моры. Сталіца — горад Асмара. У 1993 годзе стала незалежнай ад Эфіопіі — другая паводле маладосці пасля Паўднёвага Судана краіна Афрыкі. Мае аднапартыйную палітычную сістэму, сітуацыя з правамі чалавека неаднаразова прызнавалася адной з найгоршых у свеце. Адна з бяднейшых краін свету. Уваходзіць у ААН, Афрыканскі Саюз, з’яўляецца назіральнікам пры ЛАД
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Ад грэцкай назвы Чырвонага мора (Ἐρυθρὰ Θάλασσα), упершыню ў новы час гэтае імя было ўжыта ў назве калоніі Італьянская Эрытрэя ў 1890 годзе.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Эрытрэя — краіна ў паўночна-ўсходняй Афрыцы. На ўсходзе яна абмываецца Чырвоным морам; мяжуе з Джыбуці, Эфіопіяй і Суданам. У склад Эрытрэі ўваходзяць астравы Дахлак і Ханіш у Чырвоным моры. Плошча тэрыторыі без уліку астравоў складае 117,6 тыс. кв. км.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Большая частка тэрыторыі краіны ляжыць на Эрытрэйскім плато Эфіопскага нагор'я. На паўднёвым усходзе Эрытрэі знаходзіцца ўпадзіна Афар. Узбярэжжа Чырвонага мора з’яўляецца верхнім бортам тэктанічнай упадзіны, у якой знаходзіцца мора. Клімат узбярэжжа трапічны пустынны і ў Чырвонае мора не ўпадае ніводнае ракі, што робіць яго ваду надзіва празрыстай. Заходнюю, нагорную, частку краіны закранае непрацяглы сезон даждоў. Гэта зона саванаў з тыповым для Афрыкі жывёльным светам: газелі, страусы, вялікі і малы куду, аліўкавы бабуін і інш. Марскі нацыянальны парк астравоў Дахлак уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Разам з Джыбуці, Эфіопіяй, паўночнай часткай Самалі і ўзбярэжжам Чырвонага мора Судана, Эрытрэя лічыцца найбольш верагодным месцам, вядомым старажытным егіпцянам як Пунт, што азначае Боская зямля. Старажытныя жыхары Пунта мелі цесныя адносіны з фараонамі Егіпта ў часы Сахуры і Хатшэпсут. Каралеўства Аксум, што займала большую частку сучаснай Эрытрэі і паўночнай Эфіопіі, была створана падчас першага або другога ст. н.э. У сярэдзіне чацвёртага стагоддзя н.э. Аксум адным з першых у свеце прыняў хрысціянства. У сярэднявеччы вялікая часткі Эрытрэі трапіла пад уладу каралеўства Медры-Бахр. Стварэнне сучаснай Эрытрэі з'яўляецца вынікам каланіяльнага захопу ўзбярэжнай паласы некалькіх царстваў і султанатаў, што ў канчатковым рахунку, прыводзіць да ўтварэння Італьянскай Эрытрэі. Пасля паразы італьянскай каланіяльнай арміі, з 1942 па 1952 год Эрытрэя знаходзілася ў падпарадкаванні ў брытанскай ваеннай адміністрацыі. З 1952 года Эрытрэя, у адпаведнасці з рашэннем Генеральнай асамблеі ААН, на працягу 10 гадоў суіснавала з Эфіопіяй у федэрацыі, маючы ўласны парламент; і мусіла ў 1962 годзе атрымаць незалежнасць. Аднак Эфіопія не падпарадкавалася гэтаму рашэнню, распусціла эрытрэйскі парламент і захапіла Эрытрэю. У краіне пачалася ўзброеная барацьба за незалежнасць, што расцягнулася на 30 гадоў.
У 1993 годзе войска паўстанцаў увайшло ў сталіцу і быў праведзены рэферэндум, на якім за незалежнасць выказаліся 99,83 % прыняўшых удзел. Атрымаўшы незалежнасць, Эрытрэя тым самым пазбавіла былую гаспадыню выхаду да мора. Напружаныя адносіны паміж Эрытрэяй і Эфіопіяй заставаліся і надалей, што прывяло да ўзброенага канфлікту 1998-2000 гадоў з-за памежных тэрыторый. Актыўныя баі працягваліся два гады. Паводле ацэнак International Crisis Group, за гэты час загінулі ад 70 да 100 тысяч чалавек.
У ліпені 2018 года прэм'ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед пагадзіўся перадаць спрэчныя зямельныя тэрыторыі Эрытрэі і «пачаць новую эру міру і дружбы». Адразу пасля ўступлення на пасаду ён падпісаў мірную дэкларацыю з Эрытрэяй і такім чынам спыніў 20-гадовую вайну паміж дзвюма краінамі[3].
Дзяржаўны лад і палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Эрытрэя — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Паводле канстытуцыі павінен абірацца парламентам на 5-гадовы тэрмін. З чэрвеня 1993 прэзідэнт — Ісаяс Афеворкі. Выбары прэзідэнта дагэтуль не праводзіліся, дата найбліжэйшых выбараў не вызначана. Заканадаўчы орган — аднапалатная Нацыянальная асамблея — 150 дэпутатаў, прызначаных у маі 1997. Выбары былі запланаваны на снежань 2001, але затым адкладзены на нявызначаны час.
Эрытрэя падзяляецца на 6 правінцый.
Палітычная сітуацыя і правы чалавека
[правіць | правіць зыходнік]У Эрытрэі толькі адна легальная партыя — Народны фронт за дэмакратыю і справядлівасць (кіраўнік — Ісаяс Афеворкі). Паводле Human Rights Watch сітуацыя з правамі чалавека ў Эрытрэі неаднаразова адносілася да ліку найгоршых у свеце. З 1997 прэзідэнтам фактычна забаронена незалежная прэса.
Хоць канстытуцыя і прызнае права свабоды веравызнання, у 2002 Афеворкі дазволіў дзейнасць толькі чатырох цэркваў; астатнія ж — пяцідзясятнікі, сведкі Іеговы — падвергліся пераследванням, а актывісты былі кінутыя ў засценкі турмаў і катаваныя.
З-за абавязковай ваеннай службы, на якую грамадзяне прызываюцца на нявызначаны тэрмін, многія эрытрэйцы пакідаюць краіну.
Беларуска-эрытрэйскія адносіны
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Эрытрэя ўсталяваныя 11 верасня 1998 года. Візіты на вышэйшым і высокім узроўнях не ажыццяўляліся. Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін адсутнічае. У 2004 годзе тавараабарот сфарміраваны беларускім экспартам (шыны) на суму 56 тыс. долараў ЗША.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Агульны гадавы прырост — 0,85 % (2017). Фертыльнасць — 4 нараджэнні на жанчыну (2017). Высокі натуральны прырост суправаджаецца міграцыйным адтокам (-1,39 % у 2017). Працягласць жыцця дастаткова высокая для Трапічнай Афрыкі — 62,7 гадоў у мужчын, 67,8 года ў жанчын (2017). Заражанасць вірусам імунадэфіцыту (ВІЧ) — 0,6 % (па ацэнцы 2017 года)[1].
Грамадства краіны з'яўляецца этнічна неаднастайным. Паводле ўрадавых дадзеных у Эрытрэі налічваецца дзевяць этнічных груп[4]. Незалежны перапіс ніколі не праводзіўся, аднак лічыцца, што народнасць тыграі складае каля 55 % ад усяго насельніцтва краіны. Другой паводле колькасці насельніцтва з'яўляецца народнасць тыгрэ, якая складае каля 30 % насельніцтва. Гэтыя народнасці складаюць асноўную частку пераважна семіцкамоўнага насельніцтва Эрытрэі. Большая частка астатняга насельніцтва належыць да іншых (пераважна, кушыцкіх) афраазійскіх моўных супольнасцей, маюцца нілоцкія меншасці. Рэлігіі — іслам 50 %, хрысціянства (хрысціяне-монафізіты 30 %, каталікі 13 %, пратэстанты 5 %). Пісьменнасць — 70 % мужчын, 48 % жанчын (па ацэнцы 2003 года).
Гарадское насельніцтва — 23 % (2017). Буйнейшая агламерацыя — Асмэра (563 тыс.), іншыя гарады — Керэн (75 тыс.) і Масауа (23 тыс.)[5]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Эрытрэя працягвае заставацца адной з найбяднейшых дзяржаў свету. Яе ВУП на душу насельніцтва дагэтуль меншы за 1500 долараў. Эканоміка Эрытрэі перажыла значны рост у апошнія гады, пра што сведчыць павелічэнне ВУП у кастрычніку 2012 года на 7,5 % ў параўнанні з 2011 годам[6]. У 2015-2017 назіраўся значны ўстойлівы рост ВУП — 3-5 %.[1] Асноўнай прычынай нядаўняга росту эканомікі краіны з'яўляецца пачатак распрацоўкі здабычы золата і серабра ў шахце Біша і вытворчасць цэменту на цэментавым заводзе ў Масаве[7].
У гарадах працуе некалькі ТЭЦ на імпартным паліве агульнай магутнасцю 141 тыс. кВт, толькі 32 % насельніцтва маюць магчымасць карыстацца электрычнасцю. Наладжана прамысловая здабыча солі з марской вады. Працуюць прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Заводы паліўнай, тэкстыльнай, абутковай прамысловасці належаць узнаўленню. Шырока распаўсюджана саматужная прамысловасць.
80 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, што дае ўсяго 11,7 % ВУП. Краіна адчувае востры недахоп урадлівых зямель, у тым ліку з-за інтэнсіўнага працэсу эрозіі глеб. Апрацоўваюцца ўсяго каля 5 % тэрыторыі. Вырошчваюць бананы, бульбу, кукурузу, кунжут, гародніну, папаю, проса, пшаніцу, сорга, тэф, бавоўну, цытрусавыя і інш. Развіваецца рыбалоўства (анчоус, ласось, сардзіны, тунец, марскі шчупак). Краіны Еўрапейскага саюза і Японія аказваюць краіне фінансавую дапамогу для развіцця рыбнай гаспадаркі.
У 2016 годзе 95 % экспарту прыходзілася на руды каляровых металаў: медзь (42%), цынк (10%), каштоўныя металы (42%, у тым ліку 25 % золата). Траціну імпарту склалі прадукты харчавання[8]
Грашовая адзінка — накфа (= 100 цэнтаў). Уведзена ў абарот у лістападзе 1997 г. У 1993—1997 гадах у абароце знаходзіўся эфіопскі быр[9].
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Рух на аўтамабільных дарогах правабаковы. Дзейныя міжнародныя правы кіроўцы. Варта адзначыць, што ў некаторых абласцях рух ноччу забаронены.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Культура Эрытрэі ў значнай ступені вызначаецца становішчам краіны на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Адной з самых вядомых частак культуры краіны з'яўляецца кававая цырымонія[10].
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]Футбол і веласіпедны спорт з'яўляюцца найбольш папулярнымі відамі спорту ў Эрытрэі. Мясцовыя лёгкаатлеты паспяхова выступаюць на міжнародных спаборніцтвах па бегу на доўгія дыстанцыі.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б в г д https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/er.html
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2020f/africa
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Eritrean Culture Архівавана 13 лістапада 2013.. Embassy of The State of Eritrea
- ↑ http://www.geonames.org/ER/largest-cities-in-eritrea.html
- ↑ pr.x=53&pr.y=13&sy=2010&ey=2014&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=643&s=NGDP_R%2CNGDP_RPCH%2CNGDP%2CNGDPD%2CNGDP_D%2CNGDPRPC%2CNGDPPC%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC%2CPPPSH&grp=0&a= Report for Selected Countries and Subjects: Eritrea. Imf.org
- ↑ Eritrea Economic Outlook — African Development Bank. Afdb.org.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=69&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&tradeDirection=import&year=2016
- ↑ Абрамова И. О., Васильев А. М.. Страны Африки. М.: Институт Африки РАН, 2002. С. 222.
- ↑ It’s coffee time Архівавана 4 кастрычніка 2011.. Network Africa Online
Эрытрэя на Вікісховішчы |